ФЕРДЫНА́НД VII (Fernando; 13.10.1784, Сан-Ільдэфонса, Іспанія — 29.9.1833),
кароль Іспаніі [1808 і 1814—33]. З дынастыі Бурбонаў, сын Карла IV [1788—1808]. Стаў каралём 19.3.1808 пасля звяржэння ў выніку нар. паўстання каралеўскага фаварыта (фактычнага правіцеля) М.Гадоя і адрачэння ад прастола Карла IV. Франц. імператар Напалеон I, чые войскі вясной 1808 акупіравалі Іспанію, прымусіў Ф. VII адрачыся ад прастола і жыць у Францыі. Пасля вызвалення Іспаніі ад франц. акупацыі (сак. 1814) Ф. VII зноў заняў прастол і ліквідаваў заваёвы рэвалюцыі 1808—14. У пач. рэвалюцыі 1820—23 пад націскам паўстанцаў аднавіў (9.3.1820) дзеянне Кадыскай канстытуцыі 1812, але потым узначаліў контррэв. лагер. Пасля задушэння рэвалюцыі зноў адмяніў у кастр. 1823 Кадыскую канстытуцыю і аднавіў абсалютысцкія парадкі.
т. 16, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)